Размаўляем па-беларуску
Казкі беларускія
Як пачаць размаўляць па-беларуску?
Простыя парады:
- Пазбаўцеся страхаў
Беларусы, якія не вырашаюцца перайсці на беларускую, часцей за ўсё маюць 1001 прычыну для гэтага. Вось некаторыя з іх:
А. Я кепска размаўляю па-беларуску, таму лепш не псаваць сваімі памылкамі гэтую цудоўную мову. – Ніводная нацыя ў свеце не размаўляе на літаратурнай мове! Нават беларускія пісьменнікі кожны мае “свой варыянт” мовы, з дамешкамі і рэгіянальнымі асаблівасцямі.
Б. Я з дзяцінства размаўляю па-расейску, мая сям’я расейскамоўная. – Уявіце, што з такімі перакананнямі вам давялося б пераехаць жыць у Францыю ці Амерыку. Таксама б працягвалі?
В. Гэта мёртвая мова, ніхто ў горадзе на ёй не гаворыць. – Вы маеце шанс стаць першым! І прыкладам для іншых гараджанаў – калі яны не пачнуць тут жа размаўляць, то прынамсі задумаюцца.
Д. Гэта мова калхозу і апазіцыі. – Вы адсталі ад трэнду! Сёння беларуская мова – мова культуры, інтэлігенцыі, а таксама мова для кожнага беларуса на ўсе выпадкі жыцця! Размаўляць па-беларуску – гэта сучасна, годна і модна!
- Папаўняйце свой слоўнікавы запас
Пачніце з пасіўных спосабаў: чытайце кнігі, глядзіце агучаныя па-беларуску фільмы, слухайце беларускамоўную музыку, чытайце беларускамоўныя сайты і газеты, усталюйце на кампутары праграмы з беларускім інтэрфейсам. На сайтах, дзе гэта дасяжна, пераключайцеся на беларускую мову. Тое самае – з банкаматамі, інфакіёскамі і г.д.
- Пішыце па-беларуску
Калі вам складана пачаць размаўляць – пачніце з пісьмовай мовы. Мэйлы, эсэмэскі, паведамленні ў інтэрнэце, допісы ў сацсетках. Пры гэтым вы маеце час абдумаць напісанае, зазірнуць у слоўнік (slounik.org). Вашыя знаёмыя пачнуць звыкацца да вас беларускамоўнага, а вы знойдзеце новых беларускамоўных знаёмых.
- Звяртайцеся па-беларуску да незнаёмцаў
Псіхалагічны бар’ер прасцей за ўсё пераадолець з незнаёмымі людзьмі, якіх вы бачыце першы і апошні раз: прадавачка ў краме, кіроўца маршруткі, мінак на вуліцы. Гэта прасцей, чым адразу пачаць размаўляць па-беларуску з бацькамі ці сябрамі, з якімі ўсё жыццё вы гутарылі па-расейску.
- Наведвайце беларускія імпрэзы
Чуць жывую мову – вельмі важна, каб хутчэй авалодаць ёй самому. Да таго ж, на такіх імпрэзах вы можаце здабыць новыя знаёмствы – і пашырыць свой беларускамоўны асяродак. Яшчэ адзін спосаб – вандроўкі з беларускамоўнымі экскурсаводамі і краязнаўцамі.
- Пачніце ўжываць мову ў побыце
Спачатку ў сям’і, потым на працы – у звыклых вам асяродках. Будзьце гатовыя тлумачыць зноўку і зноўку людзям прычыны такога пераходу. Прасіце падтрымаць вас у гэтым. Памятайце, што расейскамоўныя беларусы цудоўна вас разумеюць, калі вы звяртаецеся да іх па-беларуску. Старайцеся размаўляць павольна і прыгожа – каб суразмоўцам было яшчэ прасцей разумець вас. Гэта яшчэ болей прыхіне людзей да вас.
- Набярыцеся цярпення
Для таго, каб пачаць не толькі размаўляць, але і думаць, сніць сны па-беларуску, вам спатрэбіцца час. Але мэта таго вартая, бо разам з моваю вам адкрыецца ўнікальны беларускі сусвет!
Роля бацькоў ў развіцці беларускага маўлення дзіцяці
Засваенне дзецьмі беларускай мовы ажыццяўляецца ў спецыфічнай сітуацыі руска-беларускага блізкароднаснага двухмоўя. Для большасці дашкольнікаў першай мовай, на якой яны вучацца гаварыць і думаць, з'яўляецца руская. У той жа час, дзеці даволі рана далучаюцца да беларускай мовы, чуючы яе па радыё, тэлебачанні, ад дарослых і ў дзіцячым садзе, на асобных занятках. Аднак, беларускамоўнае асяродзе ў дашкольнікаў адсутнічае. Больш за тое, дзеці могуць карыстацца рускай мовай нават тады, калі да іх звяртаюцца па-беларуску, ведаючы, што іх разумеюць. Такім чынам, маўленчыя сітуацыі, у якіх аказваюцца дзеці, не ствараюць у іх жыццёвай неабходнасці размаўляць па-беларуску. З іншага боку, стыхійнае авалоданне беларускай мовай прыводзіць да змешвання рускага і беларускага маўлення дзяцей. Такім чынам, гэта патрабуе спецыфічных падыходаў да навучання дзяцей беларускай мове.
Творы фальклору сваім зместам і формай найлепшым чынам дапамогуць ў гэтым. Паступова яны ўводзяць малога ў стыхію народнага слова, раскрываюць яго багацце і прыгажосць. З'яўляюцца ўзорам прыгажосці мовы і народныя казкі, якія спрыяюць засваенню ўсіх формаў мовы, даюць магчымасць выпрацоўкі ў дзяцей ўласных моўных навыкаў. Зараз дадзеная праблема становіцца яшчэ больш актуальнай - недахоп часу ў бацькоў. Адсутнасць актывізацыі беларускай мовы з боку бацькоў прыводзіць да праблем развіцця маўлення дзяцей. На жаль, дзіця больш часу праводзіць за кампутарам, чым у жывым асяроддзі.
З прычыны гэтага, творы народнай творчасці практычна не выкарыстоўваюцца нават ў малодшым узросце. Дашкольны ўзрост – гэта перыяд актыўнага засваення дзецьмі гутарковага маулення, станаўлення і развіцця ўсіх бакоў мовы: фанетычнай, лексічнай, граматычнай. Паўнавартаснае валоданне роднай мовай у дашкольным дзяцінстве з'яўляецца неабходнай умовай для разумовага, эстэтычнага, маральнага выхавання дзяцей. Чым раней дзеці чуюць беларускую мову, тым вальней яны будуць карыстацца ей ў далейшым. Але жыццё ў рэчышчы народнай культуры не можа быць навязана бацькам. Яно можа быць толькі вынікам натуральнага выбару кожнага чалавека, які бачыць менавіта ў гэтым карысць для дзяцей і адчувае пульс роднай культуры ў самім сабе. Дзяцінства немагчыма ўявіць без казкі, таму што слухаць казкі, якія табе расказваюць тата і мама, бабуля ці дзядуля, ці добрая выхавацелька, калі бацькоў няма побач гэта адно з правоў дзіцяці, запісаных у Канвенцыі аб правах дзіцяці. У ёй сказана, што дзіця мае права на зносіны і на ўвагу, на паўнавартаснае развіццё, на выражэнне сябе, на адпаведную свайму ўзросту і зразумелую ў гэтым узросце інфармацыю, а таксама на вывучэнне культуры свайго народу. Усё гэта ёсць у казках.
Казкі вучаць і перасцерагаюць, казкі звязваюць нашых пра-прадзедаў ды пра-прабабуляў з намі. Казкі – гэта ўтульны сямейны вечар, калі клопаты вялікага свету засталіся за сценамі Вашага дому, а Вы і Ваш час належаць толькі Вашым дзецям. Калі мы гаворым пра Канвенцыю аб правах дзіцяці, у першую чаргу мы думаем пра глабальныя рэчы: пра мір, пра вайну, пра адукацыю, пра ежу, пра жытло і здароўе. Бясспрэчна, гэта вельмі важна. Але Ваша ўвага, Вашы абдымкі, Ваша сіла і абарона, Ваша пяшчота і клопат вельмі патрэбныя Вашым дзецям.
Казкі – гэта цэлы чароўны свет, у якім Вы падарожнічаеце разам, трымаючыся за рукі. Свет, у якім Ваша дзіця можа стаць веліканам і навучыць Вас, дарослага чалавека, чаму-небудзь новаму.
Размаўляйце, чытайце казкі сваім дзецям на беларускай мове. А мы вам у гэтым дапапожам.
Рэкамендацыі для бацькоў
Калі ў дзяцінстве дзіця адчуваў пачуццё жалю да іншага чалавека, радасць ад добрага ўчынку, гонар за сваіх бацькоў, захапленне ад судотыку з выдатным подзвігам, ён набыў эмацыйны вопыт. Тым самым будуць пабудаваны шляху для асацыяцый эмацыйнага характару, а гэта з'яўляецца асновай, падмуркам больш глыбокіх пачуццяў, умовай паўнавартаснага развіцця чалавека.
- Выхаванне маленькага патрыёта пачынаецца з самага блізкага для яго - роднай хаты, вуліцы, дзе ён жыве, дзіцячага саду.
- Звяртайце ўвагу дзіцяці на прыгажосць роднага горада
- У час прагулкі раскажыце, што знаходзіцца на вашай вуліцы, пагаворыце пра значэнне кожнага аб'екта.
- Дайце ўяўленне аб рабоце грамадскіх устаноў: пошты, крамы, бібліятэкі і г.д. Паназірайце за працай супрацоўнікаў гэтых устаноў, адзначце каштоўнасць іх працы.
- Разам з дзіцем прымайце ўдзел у працы па добраўпарадкаванні і азеляненні свайго двара.
- Пашырайце уласны кругагляд
- Вучыце дзіцяці правільна ацэньваць свае ўчынкі і ўчынкі іншых людзей.
- Чытайце яму кнігі пра радзіму, яе героях, пра традыцыі, культуры свайго народа
- Заахвочвайце дзіцяці за імкненне падтрымліваць парадак, прыкладныя паводзіны ў грамадскіх месцах.
Чытайце з дзецьмі як мага больш, а галоўнае пагаварыце, пра што прачыталі!
Мастацкая літаратура і творы фальклору, прапанаваныя для чытання дзецям:
Беларускія народныя песенкі і пацешкі твораў беларускіх пісьменнікаў
У. Юрэвіч. «Бярозчыны валёнкі»; А. Кобец-Філімонава. «Сем мастакоў»; Я. Брыль. «Жыў-Быў вожык».
Беларускія народныя казкі
“Курачка-Рабка”, “Былінка і верабей”, “Зайкава хатка”, “Каза-манюка”, “Пчала і муха”, “Муха-пяюха”, “Коцік, пеўнік і лісіца”.
Творы беларускіх паэтаў
Т. Кляшторная “Ветлівыя словы”, “Шпак”, “Дожджык”, “Паўцякалі цацкі”, “Не сквапная”; В. Рабкевіч “Едзе восень”; С. Сокалаў-Воюш “Блакіт нябёс”, “Алоўкі”, “Елка”; А. Дзеружынскі “Пралеска”; А. Прохараў. “За адвагу”; Я. Колас ”Сонца грэе, прыпякае”, “Храбры певень”; Я. Купала “Лістапад”; Я. Журба “Першыя сняжынкі”, “Дзед Мароз”; З. Бядуля “Мае забавы”; М. Хведаровіч “Свеціць, як сонца, ад самай калыскі”; Л. Пранчак “Завіруха”; Э. Агняцвет “Маме”; А. Бадак “Мышка”, “Беларусачка”; С. Грахоўскі “Сонечная сцежка”; А. Грачанікаў “Сон”; Л. Рашкоўскі “Я хачу салдатам стаць”; К. Цвірка “Коцікі”; В. Лукша “Вясёлка”.